MigrAction Ideathon: твой шанец змяніць свет да лепшага

Рабіць свет лепш — выдатная ідэя! Але што гэта значыць на практыцы? І як гэта рабіць у новым грамадстве, калі ты мігрант_ка?

Калі табе ад 18 гадоў і ты жывеш у Польшчы — гэты івэнт для цябе!

Ніякага спецыяльнага досведу не патрэбна — свежы погляд каштоўны больш за ўсё.

  • Ідэятон (Ideathon) — двухдзённы івэнт па распрацоўцы ідэяў.
  • MigrAction — назва, якая спалучае словы “migration” (міграцыя) і “action” (дзеянне), і ёй мы падкрэсліваем актыўную ролю мігрантаў і мігрантак у івэнце.
  • “Паляпшэнне свету” — гучыць як абстрактная рэч, але на практыцы ёй часта займаюцца арганізацыі грамадзянскай супольнасці (АГС). 
  • АГС — гэта арганізацыі грамадзянскай супольнасці: некамерцыйныя недзяржаўныя арганізацыі, часта валанцёрскія. Яны ладзяць праекты ў галіне культуры, адукацыі, экалогіі, аховы правоў і г.д., якія паляпшаюць жыццё канкрэтных людзей альбо іншых жывых істотаў (напрыклад, дзікіх ці хатніх жывёл).

Як ты можаш далучыцца і дапамагчы?

На ідэятон АГС “прынясуць” сапраўдныя кейсы са сваёй працы. Напрыклад, яны працуюць са сталымі людзьмі і хочуць заангажаваць больш моладзі ў гэтую працу, але не ведаюць, як. Ці яны збіраюць грошы для шэлтэра і хочуць палепшыць сваю камунікацыю, каб атрымліваць больш данатаў.

Твая задача — дапамагчы вырашыць гэтыя “кейсы”. Не абавязкова мець экспертызу ці досвед у абранай тэме. Погляд звонку — наадварот, свежы, цікавы і карысны. І ты не будзеш працаваць адзін альбо адна — мы зробім каманды з тых, хто дашлюць заяўкі на ідэятон, і ты зможаш пазнаёміцца з новымі людзьмі і вырашыць рэальную задачу для АГС.

А тры найлепшыя ідэі каманд атрымаюць падтрымку — 600 еўра на рэалізацыю.

Каго мы чакаем?

Маладых (узрост 18+) жыхароў і жыхарак Польшчы незалежна ад таго, мігрант_кі яны ці не. Тых, хто цікавіцца сацыяльнымі праектамі і хацелі бы сябе паспрабаваць у гэтым. Тых, хто хочуць знайсці новыя знаёмствы і класна правесці час, вырашаючы сацыяльныя праблемы.

Працоўныя мовы: польская, англійская, беларуская, украінская. Калі валодаеш хаця б адной з іх — далучайся, і мы знойдзем спосаб паразумець адн_а адн_у.

Умовы ўдзелу

Удзел бесплатны. Арганізатары забяспечаць кава-паўзы, абеды і ўсе неабходныя матэрыялы для працы. На жаль, пражыванне і праезд да Варшавы з іншых гарадоў мы аплаціць не зможам, але вы можаце падаваць заяўкі, калі гатовыя ўдзельнічаць за свой кошт.

Што будзе ў праграме?

  • Прэзентацыя кейсаў ад АГС
  • Размеркаванне ўдзельні_ц па камандах
  • Натхняючыя выступы ад тых, хто кожны дзень імкнецца змяніць свет да лепшага
  • Варкшопы па праектнай дзейнасці і распрацоўцы крэатыўных ідэяў
  • Ментарскія кансультацыі
  • Прэзентацыя напрацаваных рашэнняў для кейсаў
  • Галасаванне журы і ўзнагароджанне праектаў-пераможцаў

Дзе: 17 і 18 красавіка (пятніца і субота) з 11:00 да 17:00. Пажадана ўдзельнічаць абодва дні. 

Лакацыя: Варшава, Jasna 10.

***